Нацыянальны парк Браслаўскія азёры

RU BY EN




Прыродныя рэсурсы

Прыродныя рэсурсы

Браслаўшчына – адзін з самых прыгожых прыродных куточкаў Беларусі, дзе спалучаюцца незвычайны рэльеф і водная роўнядзь азёр з багатым раслінным і жывёльным светам. Для зберажэння прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр як эталона прыродных ландшафтаў, сховішча генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету Беларускага Паазер'я і яго выкарыстання ў працэсе прыродаахоўнай, навуковай, асветніцкай, турыстычнай, рэкрэацыйнай і аздараўленчай дзейнасці ў 1995 годзе быў створаны Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», плошча якога складае 64,4 га.

Тысячагоддзямі прырода стварала гэтыя дзівосныя мясціны. У выніку працяглых і складаных працэсаў, якія адбываліся цягам адступлення Паазерскага ледніка, сфармаваўся сучасны рэльеф Браслаўшчыны, які адрозніваецца выключнай разнастайнасцю. Краявыя ледніковыя ўтварэнні спалучаюцца з участкамі ледавіковай азёрнай нізіны. Разнастайнасць рэльефу прыдаюць озава-камавыя комплексы, што сустракаюцца тут, шматлікія ўпадзіны, лагчыны сцёку ледавіковых вод, катлавіны існавалых раней азёр.

Унікальнасць і прыгажосць тутэйшых мясцін абумоўлена наяўнасцю выключна чыстых азёр, кожнае з якіх адрозніваецца сваімі асаблівасцямі і непаўторнасцю. У межах нацыянальнага парку знаходзяцца 74 возеры, агульнай плошчай 12 590 га, што складае прыкладна 17% тэрыторыі парку. Усе яны адносяцца да басейна Заходняй Дзвіны і размешчаны, як правіла, групамі: на поўначы – група Абаб’е, у цэнтральнай частцы – Браслаўская, на поўдні – Богінская. Браслаўская азёрная група ўключае больш за 30 вадаёмаў і адносіцца да ліку найбуйнейшых у краіне.

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» з'яўляецца шматпрофільным комплексным прадпрыемствам, якое ажыццяўляе на сваёй тэрыторыі лесагаспадарчую, рыбагаспадарчую, турыстычную і прыродаахоўную дзейнасць, а таксама вядзе паляўнічую і сельскую гаспадарку.

У залежнасці ад асаблівасцяў і каштоўнасці прыродных комплексаў на тэрыторыі нацыянальнага парку вылучаны функцыянальныя зоны з адпаведным рэжымам аховы прыроды: запаведная, рэкрэацыйная, гаспадарчая і зона рэгуляванага выкарыстання.