Нацыянальны парк Браслаўскія азёры

RU BY EN




Геамарфалогія

Характэрная геамарфалагічная структура Браслаўскага Паазер’я ўзнікла ў часы Паазерскага (Валдайскага, Вюрмскага) абледзянення. Назапашванне Браслаўскіх ледавіковых звязана з вялікім стадыяльным спыненнем (Браслаўская стадыя) Паазерскага ледніка. Яго працяглае стабільнаяе становішча было абумоўлена не толькі кліматычнымі прычынамі, але і асаблівасцямі даантрапагенавай паверхні раёна.

Тэрыторыя нацыянальнага парку прымеркавана да Браслаўскай узвышанасці і Полацкай нізіны. Большая частка тэрыторыі належыць да цэнтральнай часткі Браслаўскай краявой ледавіковай узвышанасці, фарміраванне якой адносіцца да канца Паазерскай ледніковай эпохі.

Сучасны рэльеф Браслаўскай узвышанасці характарызуецца абсалютнай і адноснай маладосцю рэліктавых ледніковых і водна-ледніковых форм. Гэта выяўляецца ў цэлым шэрагу прыкмет:

  1. шырокім распаўсюджанні першасных формаў водна-ледавіковай акумуляцыі - озавых градаў і камавых пагоркаў, насаджаных на марэнавы цокаль, якія захоўваюць цудоўнае знешняе выяўленне;
  2. шматлікіх сухіх эварзійных катлавінах, размешчаных пасярод буйнаўзгоркавага марэнавага рэльефу;
  3. плоскіх участках паверхні выраўноўвання на вышыні больш за 150 м;
  4. сухіх далінах сцёку ледавіковых вод з тыповымі вісячымі над сучаснымі азёрамі вусцямі;
  5. шматлікіх свежых ледавіковых катлавінах, занятых азёрамі;
  6. слаба развітых і нешматлікіх рачных далінах.

Пра свежасць рэльефу ўзвышанасці сведчыць таксама значная стромкасць схілаў (дасягае 20-30°), марфалагічная разнастайнасць пагоркаў і град, хвалістасць грабянёў, добрая выяўленасць дробных формаў.

Пры параўнальна невялікіх абсалютных вышынях сучаснай паверхні – 150-200 м (максімальная вышыня – 210,8 м на ўсходзе, у в. Сутароўшчына) тэрыторыя ўзвышанасці характарызуецца значнай раздзеленасцю.

Глыбінная эрозія і працэсы фармавання сучасных далін выяўляюцца вельмі слаба. Даліны малых рэк, ручаёў і пратокаў нярэдка амаль не выяўленыя і размяшчаюцца на нізіннай паверхні, створанай ледніком. Нават найбольш значная рака разглядаемага рэгіёну – Друйка, левы прыток Заходняй Дзвіны, набывае аформлены выгляд даліны толькі пры выхадзе з сістэмы Браслаўскіх азёр.

У цэлым рэльеф адрозніваецца выключнай разнастайнасцю. Распаўсюджаны краявыя ледавіковыя ўтварэнні, озава-камавыя комплексы: зандры, участкі азёрна-ледавіковай нізіны, якія ўскладняюцца лагчынамі, тэрмакарставымі і эварзійнымі катлавінамі. Асноўны фон сучаснай паверхні Браслаўскай узвышанасці стварае азёрна-ўзгоркавы тып рэльефу.

Шматлікія азёрныя катлавіны, характэрныя для Браслаўскай узвышанасці, як правіла, злучаныя невялікімі рэчкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі, утвараючы такім чынам цэлыя азёрныя сістэмы (найбольш буйныя Браслаўская і Богінская).