Нацыянальны парк Браслаўскія азёры

RU BY EN




Гідралогія і гідраграфія

Браслаўскае Паазер’е – буйнейшы азёрны рэгіён Беларусі, размешчаны на тэрыторыі Браслаўскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага раёнаў. Тут налічваецца 267 вялікіх і малых азёр. Тэрыторыю Браслаўскага Паазер’я дрэнажуюць больш за 20 рэк са шматлікімі драбнейшымі прытокамі. Найболей буйнымі з'яўляюцца Заходняя Дзвіна, Дзісна, Друйка, Янка, Дрысвятка.

У межах Нацыянальнага парку знаходзяцца 74 возеры агульнай плошчай 12 590 га, што складае прыкладна 17 % ад усёй яго тэрыторыі.

Сярод азёр нацыянальнага парку вылучаюць некалькі груп: на поўначы – групу Абаб’е, у цэнтральнай частцы – Браслаўскую, на поўдні – Богінскую.

Група Абаб’е ўключае невялікія лясныя, але прыгожыя азёры. Сюды ўваходзяць азёры: Абаб’е, Вялікая і Малая Ельня, Берца, Дуброк, Мядзведна, Войты і інш.

У Богінскую групу ўваходзяць азёры: Богінскае, Доўгае, Высокае, Альбенаўскае, Загорнае і інш. Асноўнае месца ў гэтай групе займае возера Богінскае плошчай 13 км2. Возера стала вядомым сярод турыстаў дзякуючы сваім маляўнічым берагам, мудрагелістай форме катлавіны, утульным астравам, чыстай вадзе. Воднае люстра прасціраецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 9,1 км. Возера адносіцца да ліку сярэдне-глыбокіх вадаёмаў. Максімальная глыбіня яго 15 м, сярэдняя – 4,7 м. На возеры 8 астравоў. Багатае возера Богінскае і рыбай. Па Па складзе іхтыяфаўны – гэта лешчава-судаковы вадаём. Сустракаюцца таксама шчупак, сазан, лін, вугор, срэбны карась. Тут развітая аматарская лоўля рыбы. Маляўнічыя берагі і астравы – добрае месца адпачынку.

Браслаўская група азёр – адна з буйнейшых азёрных груп не толькі ў рэгіёне, але і ў Беларусі. Сюды ўваходзяць больш за 30 азёр. Усе азёры групы маюць гідралагічную сувязь з ракой Друйкай. У гэтую групу ўваходзяць самыя буйныя азёры Браслаўшчыны: возера Дрывяты, Неспіш, Недрава, Поцех, Войса, Струста, Снуды, Воласа Паўночны і Воласа Паўднёвы.

Возера Дрывяты – найбольш буйны вадаём рэгіёну (36 км2). Максімальная глыбіня 12 м, сярэдняя – 6 м. Авальная катлавіна падпруднага паходжання выцягнутая на 10 км, пры сярэдняй шырыні 3,67 км. У возера ў розных месцах упадаюць рэкі Рака, Усвіца, Акунёўка, Золвіца і ручаі. У паўночна-усходняй частцы вадаёма бярэ пачатак рэчка Друйка, якая аб’ядноўвае ўсю Браслаўскую азёрную сістэму. Возера багатае рыбай: жыве звыш 20 відаў. Найбольш каштоўныя - вугор, судак, лешч, сазан. Адпаведна са сваім станам, вадаём прыгодны для купання і падводнага плавання, а таксама для прагулачнага паруснага спорту.

Возера Снуды – другое па велічыні возера ў Браслаўскай групе (22 км2). На возеры ёсць 11 астравоў агульнай плошчай 1,6 км2. Найбуйнейшыя з іх – Турмас, Чырвонагорка, Лакіна, Ліпавец. Максімальнай глыбіні (16,5 м) возера дасягае на паўднёвым усходзе. У возеры ёсць 21 від рыб: шчупак, акунь, лін, вугор, плотка і іншыя. У апошнія гады ў ім з’явіліся амурскі сазан і срэбны карась.

Цэнтральнае месца ў Браслаўскай групе азёр займае возера Струста, плошчай 13 км2. На поўначы яно злучаецца шырокай пратокай з возерам Снуды, на поўдні – з Балойса, Войса і Ельна. На возеры размешчаны 7 астравоў, буйнейшыя з іх – Чайчын, Шова, Ельня. Востраў Чайчын, плошча якога 1,6 км2, другі па велічыні ў рэспубліцы. На ім знаходзіцца адзінае ў Беларусі ўнутранае азярцо і расце рэдкая для тутэйшых месцаў карэльская бяроза. Іхтыяфаўна возера прадстаўлена 22 відамі рыбы. Тут жывуць рапушка, сняток, сіг, плотка, язь, лін і інш.

У Браслаўскай групе знаходзяцца таксама знакамітыя азёры Паўночны і Паўднёвы Воласа, якія па значэнні біялагічнай разнастайнасці з'яўляюцца унікальнай азёрнай сістэмай не толькі для Беларусі, але і для Еўропы. Максімальная глыбіня возера Паўднёвы Воласа - 40,4 м, празрыстасць вады дасягае летам 7-8 метраў, зімой – больш за 11 метраў. Гэты вадаём з’яўляецца адзіным у рэспубліцы з поўным наборам ледніковых рэліктавых відаў рачкоў і адзіным вадаёмам, у якім водзіцца рэліктавая мізіда (рачок - 1-1,5 см). Тут упершыню ў сусветнай практыцы быў выяўлены ўнікальны жыццёвы цыкл гэтага віду, нікім раней не апісаны. У азёрах Паўднёвы і Паўночны Воласа, акрамя ледніковых рэліктаў, водзіцца шыракапальцы рак, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Азёры Нацыянальнага парку з’яўляюцца прывабнымі для купання і падводнага плавання, веславання на байдарках і катання на лодках, прагулачнага паруснага спорту і аматарскага рыбалоўства. Азёрныя ландшафты - візітная картка Браслаўшчыны.

Фотагалерэя