Нацыянальны парк Браслаўскія азёры

RU BY EN


Баннер фестиваля Вива Браслав


Расліннасць парку

Лясная расліннасць

Раслінны свет Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” цесна звязаны з асаблівасцямі геамарфалагічнай, глебавай і ландшафтнай структуры рэгіёну. Вядучая роля ў раслінным покрыве належыць лясам.

Лясы, якія адносяцца да падзоны ялова-шырокалісцевых, займаюць 66,8 % тэрыторыі нацыянальнага парку ці 34,2 тыс. га. Мясцуюцца яны некалькімі масівамі: лес Богінскі, Відзаўская лясная дача, лес Бяльмонт, Друйская лясная дача, лес Баруны.

На тэрыторыі нацыянальнага парку пераважаюць хваёвыя насаджэнні (67,1%). Пры гэтым дамінуюць сасновыя лясы, якія займаюць 49,5%. Параўнальна шырока распаўсюджаны ельнікі (17,6%) і бярэзнікі (24,1%). Радзей сустракаюцца чорна- і шэраальшанікі, якія займаюць 5,5% и 0,7% тэрыторыі адпаведна.

Шырокалісцевымі лясамі (дубровамі, кляновымі лясамі, ліпнякамі і ясеннікамі) занята 0,4% пакрытых лесам земляў. Нязначныя плошчы заняты асіннікамі (1,9%) і лазнякамі (0,2%).

Большасць лясоў прадстаўлены сярэднеўзроставымі насаджэннямі, што займаюць 77% ад усёй пакрытай лесам плошчы парку. Маладнякі прадстаўлены на 16%, прыспелыя – на 4,7% плошчы лясоў. На долю спелых і перастойных прыходзіцца 1,8% ляснога фонду. Найбольш распаўсюджаныя чарнічная і імшыстая групы тыпаў лесу. У межах парку сустракаюцца эталонныя ўчасткі лесу ва ўзросце 100-130 гадоў, прадстаўленыя сасной, дубам і ясенем.

Лугавая расліннасць

Каля 9% тэрыторыі нацыянальнага парку занята лугамі, у тым ліку 2% - лугі натуральнага паходжання. У прыкладна аднолькавых суадносінах яна пададзена мурожнымі і нізіннымі лугамі (сенажацямі і пашамі). Толькі некалькі адсоткаў складае поймавая травяністая расліннасць, што займае вузкія прасторы ўздоўж рэк, ручаёў і берагоў азёр. Мурожныя лугі прымеркаваны да водападзелаў і схілавых падвышэнняў. Яны галоўным чынам пададзены тонкамятлічнымі, духмянакаласковымі, белавусавымі і дрыжнікавымі лугамі. Фларыстычны склад травастояў гэтых лугоў даволі багаты.

Нізінныя лугі размешчаны па глыбокіх котловинах, незатапляльных далінах з багатым увільгатненнем. Тут пануюць вільгацелюбівыя віды – вострыца, мятліца сабачая, асака чорная, прасянак, лугавік дзірваністы.

Сярод лугавых фітацэнозаў адзначана вырастанне 16 рэдкіх унікальных і гаспадарча каштоўных травяных супольнасцяў, уключаных у спісы міжнароднай аховы.

Балотная расліннасць

Балотныя масівы і асобныя балоты Нацыянальнага парку ўзаемазвязаны паміж сабой, а таксама з азёрамі, ляснымі ручаямі і рэчкамі, і складаюць адзіную комплексную водна-балотную сістэму, якая характарызуецца наяўнасцю ўсіх вядомых для вобласці тыпаў, катэгорый і раслінных асацыяцый, балот. У цэлым балоты на тэрыторыі Нацыянальнага парку займаюць плошчу 8435,0 га. Пры гэтым доля ўласна адкрытых балот складае ўсяго 2008,0 га (4,39%).

Тыпы балот і торфу, які адкладаецца ў іх, вызначаюцца па характары водна–мінеральнага сілкавання і па экалога-фітацэнатычных прыкметах (складзе сучаснага расліннага покрыва і наяўнасці ў торфе рэшткаў раслін). Вярховыя балоты ўвесну пакрываюцца вадой, высокі ўзровень якой захоўваецца ўсё лета. Значная абводненасць і застойны характар увільгатнення абумаўляе спецыфіку расліннага покрыва. Таму тут расце невялікая колькасць відаў: сасна звычайная (Pinus sylvestris L.), падвей похвавы (Eriophorum vaginatum L.), імшарніца шматлістая (Andromeda polifolia L.), журавіны балотныя (Oxycoccus palustris Pers.), журавіны драбнаплодныя (Oxycoccus microcarpus Turcz. Ex Rupr.), багун балотны (Ledum palustris L.), дурніцы (Vaccinium uliginosum L.), балотны мірт (Chamaedaphne calyculata L.). Асноўны фон фітацэнозаў ствараюць сфагнавыя імхі. Пераважаюць хваёва-падвейна-хмызнячкова-сфагнавыя раслінныя супольнасці. Доля балот вярховага тыпу нязначная – усяго 2,4% балацяных экасістэм нацыянальнага парку.

Для нізінных балот характэрныя моцная працёкавасць вод і значная абводненасць у вясновы перыяд. Улетку ўзровень вады зніжаецца. Такі гідралагічны рэжым абумаўляе вялікае багацце і разнастайнасць як відаў раслін, так і фітацэнозаў. З лесаўтваральных парод тут растуць алешына чорная (Alnus glutinosa (L.) Gaertn.), бяроза пухнатая (Betula pubescens L), елка (Picea abies (L.) Karst.), радзей хвоя. У наглебавым покрыве багацце балацянага шматтраўя і асакі, сфагнавыя імхі, зазвычай, адсутнічаюць ці рэдка сустракаюцца на мікраўзвышэннях. Найболей тыповыя прадстаўнікі нізінных балот – асака падоўжаная (Carex elongate L.), асака вострая (Carex acuta L.), асака бурбалкаватая (Carex vesicaria L.), касач жоўты (Iris pseudacoris L.), трыснёг звычайны (Phragmites australis (Cav.) Trin ex Steud.), хвошч прырэчны (Equisetum fluviatile L.), капытнік балотны (Calla palustris L.). Травяныя нізінныя балоты працёкавыя, галоўным чынам поймавыя, пададзены бязлеснымі асаковымі, асакова–трысняговымі супольнасцямі. Для лясных травяных балот з меншай працёкавасцю характэрныя чорнаальхова–травяныя, чорнаальхова–асаковыя, пушыстабярозава–травяныя, вярбова–трыснягова–травяныя асацыяцыі. Дадзены тып балот дамінуе на тэрыторыі Нацыянальнага парку (69,8% балотных экасістэм).

Пераходныя балоты (27,7% балацяных экасістэм Нацыянальнага парку) характарызуюцца сярэдняй абводненасцю, працёкавасць можа змяняцца ад вельмі слабой да значнай. Таму склад расліннага покрыва моцна вар'іруе, пераважаюць хваёвыя і пушыстабярозавыя асакова–сфагнавыя супольнасці. У фармаванні расліннасці ўдзел прымаюць як эўтрофныя, гэтак і меза– і алігатрофныя віды балотных раслін. Найболей характэрныя для пераходных балот вахта трохлістая (Menyanthes trifoliate L.), шабельнік балотны (Comarum palustre L.), асака шурпатаплодная (Carex lasiocarpa Ehrh.), асака уздзьмутая (Carex rostrata Stokes), а таксама хмызнякі: вярба попелавая (Salix cinerea L.).

Водная расліннасць

У адпаведнасці з умовамі росту выдзяляюцца 3 групы раслінных фармацый: надводныя расліны (аэрагідрафіты), расліны з плывучым лісцем (плейстагідрафіты), пагружаныя расліны (эугідрафіты). Кожная група фармацый размяшчаецца ў пэўных месцах пражывання і глыбінях.

Асацыяцыі надводных раслін пашыраны на глыбінях ад зрэзу вады да 1,3 м. Да гэтай групы раслін адносяцца гіграфіты і аэрагідрафіты. Гіграфіты пададзены фармацыямі водна-балотнай (узбярэжна-воднай) расліннасці, якая сустракаецца на забагненых пляцоўках берага ці моцна заглееных месцах літаралі паблізу берагавой лініі. Распаўсюджаны ад зрэзу вады і да глыбіні 0,3 м. У групе гіграфітаў зазначаюцца: чаротніца трысняговая (Phalaroides arundinacea (L.) Rauschert), аер звычайны ці балотны (аеравы корань) (Acorus cálamusL.), сітняк ігольчасты (Eleocharis acicularis). Суцэльнага пояса яны не ўтвараюць, а як прымесь растуць, пераважна, у чарацяных і трысняговых зарасніках.

Аэрагідрафіты прадстаўлены фармацыямі паветрана-водных (напаўпагружаных) раслін. Асацыяцыі гэтай групы займаюць глыбіні ад зрэзу вады да 1,3 м, час ад часу сустракаючыся і на беразе, на участках, якія часова затапляюцца і заліваюцца вадой. У групе аэрагідрафітаў часта сустракаюцца чарот азёрны, рагоз вузкалісты (Typha angustifolia L.), рагоз шыракалісты (Typha latifolia L.), трыснёг паўднёвы (трыснёг звычайны)(Phragmites australis (Cav.) Trin. ex Steud.), трысцянка аўсяніцавая (Scolochloa festucacea (Willd.) Link), плюшчай усплывальны(Sparganium emersum Rehm.), стрэлкаліст стрэлкалісны (Sagittaria sagittifolia L.) (плыткая форма), сусак парасонавы(Butomus umbellatus L.), хвошч прырэчны (Equisetum fluviatile L.), шальнік трыпутнікавы (Alisma plantago-aquatica L.).

Расліны з плывучым лісцем ці плейстагідрафіты растуць у закрытых ад ветру залівах ці трыснягова-чарацяных зарасніках, дзе дамінуюць надводныя расліны. Прадстаўнікамі ў групе плейстагідрафітаў з’яўляюцца: мнагакарэннік звычайны (Spirodela polyrhiza (L.)), раска малая(Lemna minor L.), горац земнаводны(Persicaria amphibia (L.)), скарбонка жоўтая(Nuphar lutea (L.) Sm.), гарлачык чыста-белы(Nymphaea candida J. et C. Presl), урэчнік плавальны(Potamogeton natans L.).