Экалагічная сцежка "Парк Бельмонт"
Экалагічная сцежка «Парк Бельмонт»
Экалагічная сцежка — спецыяльна абсталяваная ў адукацыйных і рэкрэацыйна-асветных мэтах частка прыродных тэрыторый. Экалагічная сцежка «Парк Бельмонт» распрацавана дзеля экалагічнай, эстэтычнай асветы і прыродаахоўнага выхавання наведнікаў, азнаямлення іх з прыроднымі і гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі парку. Магчыма вольнае наведанне экалагічнай сцежкі самастойна.
Бельмонт – гэта другі па велічыні парк Беларусі, плошчай 62 га, закладзены ў сярэдзіне 18 стагоддзя. Ансамбль даўнейшага парку фармаваўся рознымі ўладальнікамі, колькі разоў прыходзіў у запусценне, потым ізноў адбудоўваўся, прымаючы трохі іншыя формы. Спачатку, вялікая рэзідэнцыя з велічным двухпавярховым палацам, італьянскім паркам была закладзена ў познебарочных формах у 60-70 – я гады 18 стагоддзя. У наступным стагоддзі палацава-паркавы комплекс паглынаецца пейзажным планаваннем з выяўленымі рысамі рамантызму. Нягледзячы на разбурэнні, напластаванні , занядбанасць парку, яшчэ прасочваюцца агульныя рысы яго планавання, выяўлены некаторыя кампазіцыйныя элементы, захавалася водная сістэма, што хоць практычна і перастала функцыянаваць, ёсць якасны дрэвастой.
Парк размешчаны на высокай узгорыстай тэрасе з вялікім перападам рэльефу (саму назва «Бельмонт» у перакладзе з французскага азначае «прыгожая гара»). Унікальныя вялікаўзроставыя дрэвастоі штучнага паходжання, што сфармаваліся на тэрыторыі парку цягам апошніх двух стагоддзяў, маюць вялікае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці рэгіёна. Высокапрадукцыйныя насаджэнні клёна, ліпы, ясеня, елкі ва ўзросце 110 – 140 гадоў адносяцца да асабліва каштоўных рэдкіх насаджэнняў не толькі Нацыянальнага парку, але і Беларускага Паазёр'я.
Экалагічная сцежка мае працягласць 2,4 км і ўключае 15 прыпынкаў, абсталяваных інфармацыйнымі стэндамі.
На прыпынку №1 пададзена агульная інфармацыя пра экалагічную сцежку «Парк Бельмонт» і яе аб'екты дэманстрацыйнага паказу.
На прыпынках № 2, 3, 6, 8, 10, 11, 13, 14, 15 пададзена інфармацыя пра разнастайнасць расліннага свету парку Бельмонт. Прыведзены асаблівасці біялогіі і экалогіі, сустраканасць і арэалы распаўсюджання відаў раслін, паказаны іх ахоўны статус.
На прыпынку №4 пададзена інфармацыя пра гісторыю сядзібы і парку Бельмонт.
На прыпынку №5 пададзена інфармацыя пра гідралагічную сістэму парку Бельмонт, прызначаную для напаўнення і функцыянавання штучных вадаёмаў, а таксама меліярацыі і рэгулявання сцёку на тэрыторыі парку.
На прыпынку №7, 9 пададзена інфармацыя пра формавую разнастайнасць драўняных, драўняна-хмызняковых відаў парку Бельмонт.
На прыпынку №12 пададзена інфармацыя пра дэндрахраналогію, вызначэнне веку дрэў.
Жадаем Вам новых адкрыццяў!
Пакідаць смецце на экалагічнай сцежцы ЗАБАРОНЕНА!