Гідралогія і гідраграфія
Браслаўскае Паазер'е - найбуйнейшы азёрны рэгіён Беларусі, размешчаны на тэрыторыі Браслаўскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага раёнаў. Тут налічваецца 267 вялікіх і малых азёр. Тэрыторыю Браслаўскага Паазер'я дрэнуюць больш за 20 рэк са шматлікімі драбнейшымі прытокамі. Найбольш буйнымі з'яўляюцца Заходняя Дзвіна, Дзісна, Друйка, Янка, Дрысвятка.
У межах Нацыянальнага парка знаходзяцца 74 азёры агульнай плошчай 12 590 га, што складае прыкладна 17 % усёй яго тэрыторыі.
Сярод азёр нацыянальнага парку вылучаюць некалькі груп: на поўначы - групу Абаб'е, у цэнтральнай частцы - Браслаўскую, на поўдні - Багінскую.
Група Абаб'е ўключае невялікія лясныя, але прыгожыя азёры. Сюды ўваходзяць азёры: Абаб'е, Вялікая і Малая Ельня, Берца, Дуброк, Мядзведна, Войты і інш.
У Багінскую групу ўваходзяць азёры: Багінскае, Доўгае, Высокае, Альбенаўскае, Загорнае і інш. Асноўнае месца ў дадзенай групе займае возера Багінскае плошчай 13 км2. Возера набыла сабе вядомасць сярод турыстаў і мясцовага насельніцтва сваімі маляўнічымі берагамі, мудрагелістай формай катлавіны, утульнымі астравамі, чыстай вадой. Воднае люстэрка распасціраецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 9,1 км. Возера адносіцца да ліку сярэдне-глыбокіх вадаёмаў. Максімальная глыбіня яго 15 м, сярэдняя - 4,7 м. На возеры 8 астравоў. Багатае возера Багінскае і рыбай. Па складзе іхтыяфауны - гэта лешчава-судачы вадаём. Сустракаецца таксама шчупак, сазан, лін, вугор, срэбны карась і інш. Тут развіта аматарская лоўля рыбы. Маляўнічыя берагі і выспы - добрае месца адпачынку.
Браслаўская група азёр - адна з найбуйнейшых азёрных груп не толькі ў рэгіёне, але і ў Беларусі. Сюды ўваходзіць больш за 30 азёр. Усе азёры групы маюць гідралагічную сувязь з ракой Друйкай. У гэтую групу ўваходзяць самыя буйныя азёры Браслаўшчыны: возера Дрывяты, Неспіш, Недрава, Пацех, Войса, Струста, Снуды, Валаса Паўночны і Валаса Паўднёвы.
Возера Дрывяты - найбольш буйны вадаём рэгіёну (36 км2). Максімальная глыбіня 12 м, сярэдняя - 6м. Авальная катлавіна падпруднага паходжання выцягнута на 10 км, пры сярэдняй шырыні 3,67 км. У возера ў розных месцах упадаюць рэкі Рака, Усвіца, Акунёўка, Папліца і ручаі. У паўночна-ўсходняй частцы вадаёма бярэ пачатак рака Друйка, якая аб'ядноўвае ўсю Браслаўскую азёрную сістэму. Возера багатае на рыбу: насяляе звыш 20 відаў. Найбольш каштоўныя - вугор, судак, лешч, сазан. Па сваім стане вадаём прыдатны для купання і падводнага плавання, а таксама для прагулачнага ветразнага спорту.
Возера Снуды - другое па велічыні возера ў Браслаўскай групе (22 км2). На возеры ёсць 11 астравоў агульнай плошчай 1,6 км2. Найбольш буйныя з іх - Турмас, Краснагорка, Лакіна, Ліпавец. Максімальнай глыбіні (16,5 м) возера дасягае на паўднёвым усходзе. У возеры насяляе 21 від рыб: шчупак, акунь, лін, вугор, плотка і іншыя. У апошнія гады ў ім з'явіліся амурскі сазан і срэбны карась.
Цэнтральнае месца ў Браслаўскай групе азёр займае возера Струста, плошчай 13 км2. На поўначы яно злучаецца шырокай пратокай з возерам Снуды, на поўдні - з Балойса, Войса і Ельна. На возеры размешчана 7 астравоў, найбуйнейшыя з іх - Чайчын, Шова, Ельня. Востраў Чайчын, плошча якога 1,6 км2, другая па велічыні ў рэспубліцы. На ім знаходзіцца адзінае ў Беларусі ўнутранае азярцо і расце рэдкая для тутэйшых мясцін карэльская бяроза. Іхтыафаўна возера прадстаўлена 22 відамі рыб. Тут насяляюць рапушка, снеток, сіг, плотка, язь, лін і інш.
У Браслаўскай групе знаходзяцца таксама знакамітыя азёры Паўночны і Паўднёвы Валасо, якія па значэнні біялагічнай разнастайнасці з'яўляюцца ўнікальнай азёрнай сістэмай не толькі для Беларусі, але і для Еўропы. Максімальная глыбіня возера Паўднёвы Валасо - 40,4 м, празрыстасць вады дасягае летам 7-8 метраў, зімой - больш за 11 метраў. Дадзены вадаём з'яўляецца адзіным у рэспубліцы з поўным наборам ледніковых рэліктавых відаў рачкоў, і адзіным вадаёмам, у якім жыве рэліктавая мізіда (рачок - 1-1,5 см). Тут упершыню ў сусветнай практыцы быў знойдзены ўнікальны жыццёвы цыкл гэтага віду, ні кім раней не апісаны. У азёрах Паўднёвы і Паўночны Валасо, акрамя ледніковых рэліктаў, жыве шыракапалы рак, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Азёры Нацыянальнага парку з'яўляюцца прывабнымі для купання і падводнага плавання, веславання на байдарках і катання на лодках, прагулачнага паруснага спорту і аматарскага рыбалоўства. Азёрныя ландшафты - візітная картка Браслаўшчыны!
